«Я вельмі радуюся, бо ў нас будзе Інстытут Беларускай Кнігі. Наступным крокам мы падтрыхтуем супольную заяву і створым працоўную групу, якая будзе развіваць праект» — адзначыла Аліна Коўшык.
«Адкрыліся новыя выдавецкія праекты па-за межамі Беларусі, але застаюцца пытанні даступнасці новых кніг беларускім чытачам, адсутнасці сістэматычнай падтрымкі выдавецкай дзейнасці па-беларуску, невялікай цікаўнасці чытачоў да праектаў на беларускай мове, нязначнай прысутнасці беларускай кнігі на міжнародным кніжным рынку» — падкрэсліў Павел Баркоўскі.
«Прамоцыя беларускіх аўтараў і іх твораў на міжнародным кніжным рынку – справа самазахавання беларускай нацыі як адметнай часткі агульнай еўрапейскай культуры» — дадаў Павел
«Канферэнцыя, якая адбылася, мае характар устаноўчай, таму асноўны яе плён – гэта запачаткаванне грамадскай ініцыятывы, што ў кароткія тэрміны можа ператварыцца ў зарэгістраваную арганізацыю і фундацыю, скіраваную перадусім на праекты падтрымкі выдання кніг па-беларуску, як арыгінальных, так і перакладных. Падобная арганізацыя зможа супрацоўнічаць з падобнымі праектамі ў іншых краінах, дапамагаць з’яўленню беларускіх стэндаў на вядомых кніжных кірмашах і фестывалях, развіваць камунікацыю на ўсіх узроўнях сярод усіх, хто ангажаваны ў кніжную справу – аўтараў, выдаўцоў, перакладчыкаў, рэдактараў, літаратуразнаўцаў і крытыкаў, арганізатараў кніжных падзей і бібліятэкараў» — вядоўца мерапрыемства Павел Баркоўскі выдзеліў галоўным вынікам сустрэчы
«Важна, каб гэта грамадскае пачынанне пазбягала канфлікту інтарэсаў розных груп і магло быць важным чыннікам развіцця беларускай кніжнай культуры, роўным чынам спрыяючы розным кніжным праектам і пачынанням» — падкрэсліў Павел.